Пальцы жоўтых кляновых лістоў
Мкнуцца восень схапіць за шыю.
Не парушаць яе хараство,
Не парушаць лісты залатыя.
Клён у вокны забразгатаў,
Адгукнулася каняю рэха.
Месяц рваў арэхі з куста,
Раскідаў над сусветам арэхі.
Яны ў воўне блакітнай ляглі,
Сумавала ў даліне ляшчына.
Летуценні не змерклі ў галлі,
Летуценняў згасіць немагчыма.
Расцярушацца ў далі і ўвысь,
Каб нагадваць аб светлым над чорным.
Ці таму, што сумуюць журавы,
Ненасытна свіргочуць жорны?..
Ліставея не моўкне, шуміць
Ад вясны да вясны на прасторах.
Поверх стрэх і муроў камяніц
Я пабачыў яе учора...
Дзесь далёка галосіць сава,
Небакрай апракінуўся жалем.
Людзі любяць душу прасаваць,
Калі гэта душа чужая.
1925