Кароткі змест Вечарніцы (Вечерница краткое содержание)
Опубликовал: Admin
7-10-2020, 04:25
Просмотров: 1407
Комментарии: 0
ВЕЧАРНІЦА 1

Дурны Зміцер, хоць хітры

Песня 1

У хаце дзеда Ананія бываюць самыя цікавыя вечарніцы (вячоркі). Да яго любяць прыходзіць маладыя і сталыя людзі, паслухаць «казкі» старога.

Дзед успамінае Мінск ранейшых часоў. Ні адной не сустрэнеш мізэрнай хаты. Людзі «шчодрыя, добрыя, натуры не панскай». Усяго хапала і ўсё было таннае.

Песня 2

Дваццаць гадоў назад у Лошыцкім сяле каля Мінска жыў мужычок па імені Зміцер, «хоць дурань вялікі, ды мужык хіцёр», гультай, ласы на гарэлку, сквапны чалавек. На радаўніцу павёў на кірмаш прадаваць цялушку. Паклаў грашовую паперку ў кішэню, туды ж запхнуў і купленага селядца. У карчме, выпіўшы чарку, пачаў закусваць селядцом. I калі ад яго засталіся толькі «галоўка, хвасток», заўважыў, што разам з рыбінай з'еў выручку за цялушку.

Песня 3

Жыло калісьці ў Мінску некалькі паноў, якія любілі строіць жарты над іншымі, былі адметнымі ілгунамі.

Зміцер панёс прадаваць пеўня. Хваліць свой тавар, зазывае пакупнікоў. Падышоў да яго адзін пан і спытаў, колькі ён хоча за зайца. Зміцер здзівіўся, што яго пеўня называюць зайцам. Падышоў другі пан і таксама пачаў гаварыць пра зайца. Зміцер перапалохаўся і зусім разгубіўся. Пасля трэцяга пана, які назваў яго пеўня зайцам, ён падыйшоў да ксяндза з пытаннем, хто ў яго ў руках. Ксёндз (адзін з мінскіх адмысловых ілгуноў) пацвердзіў, што трымае ён сапраўды зайца.

Тады селянін перастаў верыць сваім вачам, вырашыўшы, што на яго напусціла туману жонка. I пачаў прадаваць зайца. Да Зміцера падышлі два паны і абурыліся, што ён падманвае народ. Сталі клікаць дзесятнікаў. Ад страху з крыкам «Згінь-прападзі, нячыстая сіла!» Зміцер кінуў пеўня.

ВЕЧАРНІЦА 2

Стаўроўскія дзяды

Песня 1

Зноў у дзеда сабралася грамада. Ананій распавядае пра даўнія часы, калі «было людзей многа, што не ў хрысціянскай веры пражывалі, нячыстай сіле паклон аддавалі».

У Лагойску, у моцным крывіцкім замку княжыў Грамабой, добры, адважны, шчыры пан.

Недалёка ад Лагойска жыў з сям'ёй мужык Даніла. Меў ён другую жонку, родную і прыёмную дачку. Цяжка жылося Кацярыне з мачыхай.

Данілава сям'я памінае стаўроўскіх дзядоў. Кінуўшы пад стол усякай стравы, клічуць Стаўра і Гаўра, сабак, якія калісьці верна служылі крывіцкаму князю Вою, за што князь загадаў пасля іх смерці ўшаноўваць памяць. У сенях быццам нешта зашумела. Мархва, мачыхіна дачка, ухапіла рыдлёўку, каб выгнаць сабак, Кацярына паставіла перад імі міску з ежай. Сабакі аблізалі дзяўчыне ногі і пайшлі з хаты, ` пакінуўшы залаты абраз Лады і жалезны хрысціянскі крыж. Мархва забрала сабе залаты абраз, а крыж надзела на Кацярынку.

Песня 2

Грамабой правіў справядліва, «не даваў у крыўду мужычкоў». Любіў паляванне, змагаўся з паганскай сілай разам з літоўскім князем Вітам.

Князь Віт раіць Грамабою ажаніцца, прычакаць дзетак, каб пакінуць пасля сябе на княстве. Цэлы год князь з панамі раіўся, у якія землі пасылаць сватоў. Самы стары радца прапанаваў даручыць ксяндзу Апанасу спытаць у нябесных багоў.

Аднойчы, стаміўшыся на паляванні, князь заснуў у лесе. Прысніўся яму сон, што сівенькі дзядок вядзе прыгожую маладую дзяўчыну з жалезным крыжыкам на грудзях. Ён гаворыць князю, што воля багоў — узяць за жонку дзяўчыну, якая носіць падарунак Стаўра.

Вярнуўшыся ў замак, Грамабой аддаў загад адшукаць дзяўчыну з крыжыкам. Пачуўшы пра гэта, да князя з'явілася Мархва. Але раззлаваны князь скінуў яе з замкавай тары. Мархва зламала шыю і «ў сыру зямельку сышла без пары».

Пошукі «стаўроўскай дзевы» працягваюцца, «князь паноў ганяе, крычыць, што крый божа!» Дапамагае адшукаць нарачоную князя малады гусляр, які прысутнічаў у Данілавай хаце пры з'яўленні Стаўра і Гаўра.

Стары Даніла вядзе дачку ў замак. Глянуўшы на Кацярыну, князь адразу яе пазнаў і аб'явіў, што гэта яго жонка і княгіня для крывічан.

Сем дзён гулялі вяселле, «здаволь пілі, елі, досыта скакалі не жалелі лапцяў». Заканчвае стары Ананій «казку», што і ён на тым вяселлі быў, «піва, мёд, гарэлкі досыта папіў», хоць у роце нічога не было, затое «па барадзе уздаволь цякло».

Мастацкія асаблівасці

Вершаваная аповесць «Вечарніцы» была надрукавана ў 1855 г. Твор заснаваны на фальклорна-этнаграфічным матэрыяле. Аўтар паказваў, як бавіў час просты вясковы люд доўгімі зімовымі вечарамі. Дзяўчаты пралі, абавязак хлапцоў — нашчапаць лучыны і своечасова мяняць запаленыя лучнікі. Часам у складчыну на стале з'яўляліся і чарка са скваркай. Аднак было гэта дзеля настрою і асаблівасці моманту. Моладзь вельмі паважала старога Ананія і з цікавасцю слухала яго «казкі».

...Цэлая грамада
Маўчком на дзеда глядзіць,
Толькі дзевак чарада
На пальцах ніткі матае,
На хлапцоў цішком зіркае;
Верцяно кругом бурчыць —

такая атмасфера пануе на вечарніцах у хаце Ананія. Аўтар аповесці ўсяляк падкрэслівае ўважлівыя адносіны маладых да старога чалавека: яго і пачастуюць, і давядуць да месца, пасадзяць. У характары Ананія вылучаюцца такія рысы, як набожнасць, разважлівасць, шчырасць, дабрыня. Ён усіх называе «дзетачкамі», «міленькімі», удзячны, што не пакідаюць аднаго зімовымі вечарамі, зычыць старэйшым і маладым багацця і шчасця.

Суседзі добрыя — дзеткі дарагія!
Дзякуй жа вам, што убогу хату
Вы не забылі; — штоб зато багату.
Бог паслаў вам долю...

У аснову аповедаў першай вечарніцы лягла мясцовая, не надта аддаленая ў часе гісторыя пра хітрага Зміцера. Хітрасць у творы разумеецца як імкненне чалавека нешта мець за кошт іншых, не працуючы, не плацячы, не ахвяруючы. Таму спачування да селяніна не адчуваецца, нават калі яго збіваюць з панталыку мінскія ілгуны (песня 3).

У песнях другой вечарніцы паўстае сівая мінуўшчына, у якой адмыслова пераплялося паганства і хрысціянства (паганскі дух Стаура даруе хрысціянскі сімвал). Ствараючы «Стаўроўскіх дзядоў», — такі падзагаловак мае другая частка твора, — В. Дунін-Марцінкевіч абапіраўся на народныя паданні (паданнс пра Паненскую гару), язычніцкую міфалогію (вобразы Стаўра і Гаўра). Які пісьменнікі-рамантыкі, праз фальклорныя легенды і паданні, у якіх у своеасаблівай форме адбілася гісторыя народа, В. Дунін-Марцінкевіч гаварыў сучаснікам пра старажытнасць, пра адметнасць гістарычнага шляху беларусаў.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Другие новости по теме:
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.